Роўна 32 гады таму, 15 студзеня 1994-га, у Беларусь прыехаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Гэта быў першы і пакуль апошні візіт кіраўніка гэтай звышдзяржавы ў нашую краіну (у 1970-я ў БССР бываў яшчэ адзін гаспадар Белага дома, Рычард Ніксан, але гэта было часткай яго візіту ў Савецкі Саюз). Расказваем, як з’явілася ідэя паездкі, чаму беларусы адмовіліся забяспечваць бяспеку Клінтана ў Курапатах, як амерыканскага прэзідэнта сустракалі мінчукі, дзе ён пабываў, а таксама чаму яго раскрытыкаваў Зянон Пазняк — прычым, відаць, заслужана.
Падрыхтоўка да візіту
Ідэя візіту Клінтана ў Беларусь з’явілася летам 1993 года. Тады ў ЗША пабываў кіраўнік нашай дзяржавы, спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч — і два лідары дамовіліся пра візіт у адказ.
Чаму Беларусь зацікавіла амерыканцаў? Да гэтага прывёў ланцужок падзей. Калі распаўся Савецкі Саюз, нашая краіна нечакана стала ядзернай дзяржавай, на тэрыторыі якой знаходзілася каля 1180 стратэгічных і тактычных ядзерных боезарадаў (для параўнання: цяпер ЗША валодаюць прыкладна 3700 ядзернымі боегалоўкамі). Аднак і самі беларусы былі гэтаму не вельмі радыя (асабліва пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС), і Захад быў зацікаўлены ў тым, каб у свеце не з’явіліся новыя дзяржавы, якія маюць доступ да зброі масавага знішчэння.
У выніку ўжо ў траўні 1992 года Беларусь падпісала Лісабонскі пратакол да Дамовы СНУ-1 (пра скарачэнне стратэгічных наступальных узбраенняў). Разам з Украінай і Казахстанам нашая краіна гарантавала, што адмовіцца ад статусу ядзернай дзяржавы і збіраецца знішчыць «усю ядзерную зброю, уключаючы стратэгічныя наступальныя ўзбраенні, размешчаныя на яе тэрыторыі», цягам сямі гадоў. Забягаючы наперад скажам, што так і адбылося: Беларусь наогул першай сярод постсавецкіх рэспублік выканала гэтыя ўмовы — у лістападзе 1996-га з краіны ў Расію вывезлі апошнія ракеты.
Гэтыя дамоўленасці прымаліся яшчэ за амерыканскім прэзідэнтам Джорджам Бушам-старэйшым. У студзені 1993-га ў Белым доме яго змяніў Біл Клінтан, аднак замежная палітыка ЗША што да нашага рэгіёна не змянілася. У Вашынгтоне хацелі падтрымаць Беларусь: размова з Шушкевічам наогул стала першай афіцыйнай сустрэчай новага прэзідэнта з найвышэйшым кіраўніком адной з постсавецкіх дзяржаваў. У прысутнасці журналістаў Клінтан заявіў: «Беларусь стала першай з новых незалежных дзяржаваў былога Савецкага Саюза, якая цалкам выканала свае абавязанні па Лісабонскім пратаколе, ратыфікавала Дамову СНУ-1 і далучылася да Дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі».
Пасля гэтага пачалася падрыхтоўка да візіту ў Мінск. Аднак да непасрэднага прыезду Клінтана трэба было вырашыць, застанецца гэтая паездка сімвалічнай ці падчас яе будуць падпісаныя канкрэтныя дакументы. Разам з Дзярждэпартаментам ЗША гэтым пытаннем займалася нядаўна створаная амбасада Беларусі ў Злучаных Штатах, якую ўзначальваў Сяргей Мартынаў (пазней, у 2003−2012 гадах, ён быў міністрам замежных справаў).
«Падрыхтаваны намі пакет прапановаў быў даволі вялікі. Мы былі зацікаўленыя ў скасаванні дыскрымінацыйных мер, якія стрымлівалі беларускі экспарт у ЗША; прапанавалі амерыканцам падпісаць пагадненне пра супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання ядзернай энергіі, пагадненне пра супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхнікі, Дамову пра заахвочванне і ўзаемную абарону інвестыцый», — пісаў у мемуарах першы кіраўнік МЗС Беларусі Пётр Краўчанка. Паводле яго, з праектам апошняй дамовы ўзнікла найбольш спрэчак і праблем.
«Каменем спатыкнення стаў тэкст дадатку да дамовы, дзе гаворка ішла пра рэзерваванне за беларускай дзяржавай права на пэўныя абмежаванні ў працэсе прыватызацыі. Амерыканскія эксперты ніяк не хацелі прымаць нашыя аргументы. Яны настойвалі на прыватызацыі „без межаў“, што па сутнасці абмяжоўвала суверэнітэт Беларусі ў прыняцці рашэнняў. Да кампрамісу мы так і не змаглі прыйсці. І пайшлі на саступкі, разумеючы, што, калі мы не падпішам дамовы, яе адсутнасць будзе стрымліваць магчымасць узаемадзеяння па многіх эканамічных напрамках», — дадаваў палітык.
Бітва за Курапаты
У студзені 1994 года Клінтан нарэшце выправіўся праз акіян. Спачатку ён прыляцеў у Кіеў, дзе ў аэрапорце Барыспаль паразмаўляў з прэзідэнтам Украіны Леанідам Краўчуком. Потым 12−14 студзеня быў у Маскве, дзе сустракаўся з лідарам Расіі Барысам Ельцыным. А раніцай 15-га прыляцеў у Мінск: яго «Боінг» прызямліўся ў 10.30 раніцы ў аэрапорце Мінск-2.
Ля трапа самалёта прэзідэнта сустракалі Станіслаў Шушкевіч з жонкай Ірынай, Пётр Краўчанка, а таксама кіраўнік пратакольнай службы МЗС Міхаіл Хвастоў (пазней ён узначаліць гэтае ведамства). Аднак Клінтан недзе паўгадзіны не выходзіў з самалёта, прымусіўшы беларусаў чакаць. Адзін з супрацоўнікаў беларускага замежнапалітычнага ведамства Дзмітрый Хрол сцвярджаў, што прычына была ў дачцэ палітыка: 14-гадовая Чэлсі, якую Клінтаны бралі ў паездкі з сабой, паглядзела ў акно, убачыла замець, шэрае неба і сказала: «А я не выйду».
Візіт Клінтана складаўся з дзвюх частак: кулуарнай, падчас якой былі запланаваныя перамовы, і публічнай. Апошняя паводле першапачатковага плана мусіла пачацца з наведвання ўрочышча Курапаты пад Мінскам, дзе ў канцы 1930-х савецкія ўлады расстрэльвалі беларусаў — ідэю паездкі туды прапанаваў Шушкевіч. Аднак, яксцвярджае Краўчанка, спікер зрабіў гэта кулуарна: МЗС амаль аж да дня прылёту Клінтана не ведала пра гэтую паездку і пра падарунак, які мусіў прывезці з сабой лідар ЗША. Амерыканцы вырашылі перадаць у Беларусь памятны знак — так званую лаўку Клінтана, якую планавалі паставіць у гэтым урочышчы. Яе размяшчэнне, а таксама надпіс на ёй паводле беларускага заканадаўства трэба было зацвярджаць.
Выбухнуў скандал: супраць паездкі ў Курапаты выступіла пракамуністычная большасць у парламенце, а таксама прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, які меў фактычную ўладу ў краіне (прэзідэнта ў Беларусі яшчэ не было, да яго выбараў заставалася паўгода), — палітык на той час канчаткова зрабіў стаўку на Расію. Старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі даслаў Шушкевічу афіцыйны ліст пра тое, што спецслужбісты не могуць гарантаваць поўную бяспеку прыбыцця і знаходжання Клінтана ў Беларусі. Тады амбасадар у Беларусі Дэвід Шварц паведаміў, што ахову амерыканцы возьмуць на сябе.
Пасля гэтага КДБ змяніў тактыку і даслаў новы ліст пра тое, што Клінтану нельга ехаць менавіта ў Курапаты — па дарозе могуць трапіцца снайперы, а ў Камітэта нібыта няма неабходнай колькасці супрацоўнікаў, каб узяць пад кантроль усю дарогу.
Гучаў яшчэ адзін аргумент: маўляў, у сілавікоў няма практыкі правядзення такіх адказных мерапрыемстваў у лесе, тым больш што ў студзені рана цямнее.
Урэшце Прэзідыум Вярхоўнага Савета (кіраўніцтва парламента) прапанаваў Клінтану замест Курапатаў наведаць Курган Славы. Перадаць гэтую інфармацыю даручылі першаму віцэ-прэм'еру Міхаілу Мясніковічу (у будучыні шматгадоваму паплечніку Аляксандра Лукашэнкі). У адказ Шварц заявіў, што «лаўка Клінтана» ўжо ў самалёце. Так што амерыканцы хутчэй адмовяцца ад візіту зусім, чым пагодзяцца на гэтую прапанову. А бяспеку свайго прэзідэнта ў Курапатах яны забяспечаць самі. Тады Кебіч асабіста правёў перамовы са Шварцам. Толькі за дзень да візіту яны дамовіліся, што Курапаты ў праграме ўсё ж застануцца, але гэта будзе фіналам яе публічнай часткі. А пачнецца яна з ускладання кветак да абеліска на плошчы Перамогі.
Паводле Дзмітрыя Хрола, за падрыхтоўку візіту адказвалі ўсяго чацвёра беларусаў — і 300 амерыканцаў з Дзярждэпартамента. «Яны занялі два паверхі ў гасцініцы „Планета“, — успамінаў былы супрацоўнік МЗС Беларусі. — Ты тэлефанаваў туды, а званок спачатку ішоў у Вашынгтон, дзе аператар казаў: „дэпартмент оф стэйт“, а потым пераключаў цябе на чалавека ў Мінску, які табе быў патрэбны. У іх нават быў чалавек у Курапатах, які адказваў за дэталі накшталт пасыпання дарожкі пяском — каб пара Клінтанаў не паслізнулася. І ён нам назвоньваў. А нас чацвёра, і мы адказвалі за ўсю праграму — пачынаючы з пасадкі самалёта, перамоваў па раззбраенні, дзвюх прэсух (прэс-канферэнцый. — Заўв. рэд.), ускладання вянкоў на плошчы Перамогі і да шчаслівага адлёту».
Сустрэча з Шушкевічам — і Пазняком
Зрэшты, цырымонія на плошчы Перамогі была пачаткам толькі публічнай часткі праграмы. Спачатку ж ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Вайсковым завулку (цяпер там знаходзіцца сядзібны комплекс Dipservice Hall) праходзілі перамовы. Амерыканцаў прадстаўлялі дзяржсакратар Уорэн Крыстафер, кіраўнік апарата Белага дома Мак Макларці, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Энтані Лэйк, спецыяльны дарадца дзяржсакратара па новых незалежных дзяржавах Строўб Тэлбат, дарадца віцэ-прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Леон Ферт і амбасадар Дэвід Шварц.
Першы раўнд перамоў яны правялі са Станіславам Шушкевічам, які ўзяў з сабой старшыняў аблвыканкамаў і выканаўчага сакратара СНД Івана Каратчэню — на той момант спікеру парламента пагражала адстаўка, і такім чынам ён спрабаваў заручыцца іх падтрымкай. На сустрэчы беларусы паднялі праблему кампенсацыі за ядзерную зброю. 14 студзеня ў Маскве лідары ЗША, Расіі і Украіны дамовіліся, што стратэгічныя боезарады вывезуць у Расію для іх знішчэння, аднак Кіеў сярод іншага атрымае ад Масквы ў якасці кампенсацыі паліва для атамных электрастанцый на суму 160 млн даляраў. На сустрэчы ў Мінску Клінтан гарантаваў беларусам атрыманне грошай за ўзбагачаны зброевы ўран, які РФ пазней мусіла прадаць ЗША. Таксама нашай краіне дасталася 25 млн даляраў на жыллё вайскоўцам, іх перападрыхтоўку і гэтак далей.
Пасля гэтага каманда Клінтана ўзяла паўзу і паабедала прадуктамі, дастаўленымі з прэзідэнцкага лайнера. Ад афіцыйнага абеду яны адмовіліся яшчэ падчас складання праграмы. Чаму прэзідэнт выбраў «ссабойку»? Краўчанка лічыў, што амерыканцы «панічна баяліся радыяцыі і катэгарычна не хацелі спажываць беларускія прадукты».
Потым быў другі раўнд перамоваў — ужо з удзелам Вячаслава Кебіча, які паклікаў з сабой на сустрэчу міністраў абароны, замежных справаў, фінансаў і кіраўнікоў іншых ведамстваў. Там былі вырашаныя некаторыя эканамічныя пытанні, створаны двухбаковы камітэт па развіцці бізнесу. ЗША вылучылі 50 млн даляраў на мадэрнізацыю Мазырскага НПЗ.
«Амерыканцы больш глядзелі на нас з пазнавальнага пункту гледжання: што мы за людзі, які наш агульны інтэлект, манеры і г. д. А размова з нашага боку была, на маю думку, прымітыўная. Па паперцы Кебіч расказаў пра Беларусь, што мы за мір і сяброўства паміж народамі, як мы пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай вайны, што мы імкнёмся выконваць нормы ААН», — пісаў у мемуарах Міхаіл Мясніковіч, які прысутнічаў на перамовах.
На заканчэнне Клінтан сустрэўся з лідарам апазіцыі — кіраўніком Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазняком. «Кантраст у паводзінах амерыканскага прэзідэнта да і пасля сустрэчы з Пазняком быў прыкметным. Да гэтай сустрэчы Клінтан быў у гуморы, яго твар выпраменьваў добразычлівасць і свяціўся усмешкай. Пасля сустрэчы з Пазняком добры настрой амерыканскага прэзідэнта выпарыўся», — пісаў Краўчанка.
Паводле ўспамінаў тагачаснага кіраўніка МЗС, пазней яму расказалі, што «Пазняк жорстка абвінаваціў амерыканцаў у падтрымцы пракамуністычнага рэжыму Кебіча [у Беларусі] і дазволіў сабе шэраг рэзкіх выпадаў на адрас Расіі». Паводле Краўчанкі, «Клінтан лічыў дэмакратычную Расію гарантам стабільнасці і незваротнасці дэмакратычных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы». Тады словы Пазняка маглі гучаць па-алармісцку, але праз тры дзесяцігоддзі можна сказаць, што папярэджанні лідара БНФ былі прароцкімі.
Ад Акадэміі навук да балета
Потым пачалася публічная частка праграмы. На сталічнай плошчы Перамогі Клінтана чакалі ветэраны Другой сусветнай. Паводле ўспамінаў Шушкевіча, спярша яны былі вельмі стрыманыя, але потым шчыра прывіталі амерыканскага прэзідэнта. Спікер сцвярджаў, што Кебіч і Краўчанка катэгарычна настойвалі на тым, каб Клінтан пасля ўскладання кветак і «братання» з жыхарамі сталіцы (журналіст Newsweek, які апынуўся побач, налічыў каля 200 поціскаў рук) выступіў перад калектывам Мінскага гадзіннікавага завода, і ўсімі сіламі спрабавалі пераканаць у гэтым Шварца. Аднак той пакінуў у праграме запланаванае выступленне перад маладымі навукоўцамі і студэнтамі ў галоўным корпусе Акадэміі навук.
«Калі за некалькі дзён да сустрэчы мне прынеслі „рассадку“ запрошаных на сустрэчу прэзідэнта з моладдзю [у Нацыянальнай акадэміі навук], я ахнуў, — успамінаў Шушкевіч. — Тры першыя рады былі адведзеныя прадстаўнікам старэйшага пакалення, ветэранам вайны і працы, якія маюць несумнеўныя заслугі». У выніку спікер папрасіў пасадзіць там моладзь, якая свабодна валодае англійскай мовай. Ідэя спрацавала — пазней амбасадар ЗША ўспамінаў: амерыканцаў больш за ўсё тады ўразіла, што палова прысутных не карысталася навушнікамі для сінхроннага перакладу. «У зале сапраўды сабралася будучыня Беларусі», — сказаў тады Клінтан.
Тым часам у Хілары Клінтан, жонкі прэзідэнта, была свая праграма: пара прывезла ў Беларусь гуманітарную дапамогу, у тым ліку ложкі, медыкаменты, абсталяванне — гэта прызначалася для 9-й клінічнай бальніцы і 4-й дзіцячай бальніцы ў Мінску. Апошнюю Хілары наведала, сустрэўшыся з калектывам і маленькімі пацыентамі. Напярэдадні мамы дзяцей прынеслі адзенне, каб пераапрануць дзяцей.
«Тады цяжка было з адзеннем. І нейкая мама прынесла маечку, дзе было на англійскай напісана „Я не люблю Амерыку“. Мы своечасова заўважылі і дзіця гэтае пераапранулі. Клінтан не ўбачыла», — успамінаў тагачасны міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Казакоў. Паводле яго, з амерыканцамі дамовіліся пра вялікую праграме на 30 гадоў, у прыватнасці па лячэнні і дыягностыцы захворванняў шчытападобнай залозы, але за часамі Аляксандра Лукашэнкі яе згарнулі.
Тым часам Чэлсі Клінтан звозілі ў Мінскае харэаграфічнае вучылішча — дзяўчынка займалася балетам. А ўвечары разам з мамай і Ірынай Шушкевіч, жонкай спікера, у іх быў запланаваны візіт у Оперны тэатр на балет «Карміна Бурана» ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева. Праўда, дачкі прэзідэнта, паводле ўспамінах сведак, на пастаноўцы ў выніку не было.
Візіт завяршыўся ў Курапатах, куды прыехала ўжо ўся сям’я амерыканскага прэзідэнта. «Біл Клінтан прыбыў у Курапаты на змярканні. Сюды яго суправаджалі Зянон Пазняк і вядомы мастак Васіль Шаранговіч — старшыня грамадска-палітычнай арганізацыі „Мартыралог“ (яна займалася вывучэннем і ўшанаваннем памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. — Заўв. рэд.). Хутка цямнела. Змрочнай сцяной стаяў лес. На гэтым фоне эмацыйна і трагічна гучалі дзіцячыя галасы, якія выконвалі „Рэквіем“. Здавалася, што ў лясным гушчары стаяць цені дзясяткаў тысяч нявінных ахвяр масавых расстрэлаў. Мігатлівыя свечкі, доўгія цені на снезе, узнёслыя словы праваслаўных і каталіцкіх малітваў, напружаная цішыня вакол — усё гэта стварала незабыўнае ўражанне», — успамінаў Краўчанка.
Пазняк падрабязна расказаў Клінтану пра злачынствы, якія ўчынілі тут камуністы. Прэзідэнт ЗША спытаў, чаму гэтае месца не шануюць належным чынам. «Таму што сёння пры ўладзе духоўныя нашчадкі тых, хто расстрэльваў тут у 30-я гады», — адказаў лідар БНФ.
Клінтан усталяваў у Курапатах памятны знак з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі — дзеля памяці». Першы раз лаву зламалі ў 2001-м. Праз год яе аднавілі. У 2005-м аб’ект перакулілі, у 2009 годзе ён яшчэ некалькі разоў зазнаваў напады вандалаў. У 2019-м памятны знак зноў зламалі — разбілі на кавалкі. Пасля таго разу яго так і не аднавілі. А ў 2021-м яшчэ і размалявалі пакінуты пастамент. Вандалаў ні разу не знайшлі.
У 18.30 «Боінг» Клінтана ўзляцеў з Мінска-2 і ўзяў курс на захад. Яго візіт доўжыўся восем гадзін, але амаль усе засталіся задаволеныя. Дзяржава атрымала грошы. Выгадай цешыўся і бізнес. Адзіны на той момант беларускі мабільны аператар «Белсел» да 1996-га расказваў у сваіх рэкламных артыкулах, што без праблем забяспечваў сувязь Клінтану, амерыканскай дэлегацыі і журналістам. А прадпрыемства «Электроніка» — што яго гадзіннік цяпер носіць Хілары Клінтан і чальцы дэлегацыі. У пройгрышы застаўся толькі Станіслаў Шушкевіч: 26 студзеня яго — нягледзячы на замежнапалітычны трыумф — адправілі ў адстаўку. Зрэшты, Клінтана ён у Беларусь усё ж прывёз, што яшчэ больш падкрэсліла незалежнасць маладой краіны, а гэта галоўнае.
Чытайце таксама

