Адным з галоўных сімвалаў дзевяностых у Беларусі былі чаўнакі. Мужчыны і жанчыны з вялізнымі бауламі не толькі ратавалі ад галечы ўласныя сем'і. Яны дазволілі суайчыннікам апранацца ў нармальную вопратку і пазбавілі краіну таварнага дэфіцыту. Расказваем, як і чаму яны з’явіліся, куды наогул ездзілі гандляваць беларусы, што вывозілі і што прывозілі, колькі зараблялі і з якімі праблемамі сутыкаліся (не абышлося без забойстваў). А яшчэ тлумачым, чаму з’ява ў выніку знікла і якую ролю адыграла ў беларускай гісторыі.
Раней гэта маглі толькі маракі і знакамітасці, цяпер — усе
Спачатку растлумачым, кім наогул былі чаўнакі, для тых, хто іх не заспеў. Першапачаткова пад гэтым словам разумелася працоўная частка ткацкага станка, якая падчас стварэння тканіны пракладае нітку паміж ніткамі асновы. Яна рухалася ад аднаго краю палатна да іншага, а потым вярталася. Ужо пазней узнікла аналогія з людзьмі, якія ўвесь час ездзілі паміж краінамі для дробнага гандлю, — іх так і пачалі называць.
Перадумовы да з’яўлення чаўнакоў узніклі ў канцы васьмідзясятых, калі савецкая планавая эканоміка (за яе часамі колькасць любой выпушчанай прадукцыі вызначалася дзяржавай, аналагічна праходзіла і размеркаванне тавараў) сутыкнулася з сістэмным крызісам. У выніку пачаўся паступовы пераход да рынку, а потым яго стварэнне прадоўжылася ва ўжо незалежных краінах, былых саюзных рэспубліках.
Іншымі словамі, машына планавай эканомікі, кепска працуючы, пачала разбурацца, а новую, дзе ўсё рэгулявала б дзяржава, было нерэальна стварыць у адзін момант. З’явіўся дэфіцыт тавараў, які ўсё ўзмацняўся бліжэй да краху савецкай імперыі, — прычым татальны недахоп адных прадметаў мог не перашкаджаць лішку іншых, якія вырабляліся ў гэтым месцы. Пачала скарачацца вытворчасць. Адбываўся разрыў эканамічных сувязяў паміж рэспублікамі былога СССР.
Беларусь, якая мела рэпутацыю «зборачнага цэха Саюза», не магла ад гэтага не пацярпець. Пачало скарачацца фінансаванне навукі і адукацыі — і менавіта прадстаўнікі гэтага сектара сталі адной з галоўных крыніц для папаўнення шэрагаў чаўнакоў.
«Даражэла ўсё рэзка, часам у літаральным сэнсе — за ноч. Увечары хлеб каштаваў 20 капеек, назаўтра раніцай — ужо 80. Кансервы — 75−80 капеек і раптам — 2,80. Мы з мужам доўга збіралі на аўтамабіль. Амаль сабралі, але раптам яшчэ не набытая машына „ператварылася“ ў тэлевізар, а неўзабаве і яго ўжо нельга было купіць. Поле цудаў — толькі наадварот», — расказвала пра эканамічны крызіс на мяжы СССР беларуска Іна Кустава. У выніку людзі, якія дзесяцігоддзямі жылі ва ўмовах савецкай застойнай стабільнасці, сутыкнуліся з неабходнасцю выжываць у новых рэаліях: зарабляць хоць неяк, каб мець магчымасць купіць даступныя ім тавары.
Здабываць тавары з-за мяжы людзі ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрабавалі і раней. Напрыклад, зорка маскоўскага Вялікага тэатра Галіна Вішнеўская расказвала ў мемуарах, што разам са сваім мужам, віяланчалістам Мсціславам Растраповічам, прывозіла з гастроляў мэблю, посуд, бялізну, адзенне, ежу і іншыя тавары (гаворка пра перыяд з сярэдзіны 1950-х да пачатку 1970-х). Муж і жонка былі прадстаўнікамі савецкай творчай эліты і маглі сабе дазволіць значна больш, чым іншыя. Відавочна, што былі і тыя, хто прывозіў з-за мяжы падарункі сябрам, знаёмым, калегам.
Аднак ні пра які масавы гандаль яшчэ не магло ісці і гаворкі. Гэта тлумачылася дзвюма прычынамі.
Па-першае, прыватнае прадпрымальніцтва ў СССР было пад забаронай. За продаж джынсаў ці іншых дэфіцытных рэчаў пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Таму на сялянскіх рынках (напрыклад, на знакамітай мінскай Камароўцы) прадаваліся толькі прадукты харчавання, астатнія тавары — не.
Па-другое, грамадзяне не маглі свабодна выязджаць з СССР: дазвол атрымлівалі адзінкі.
Але ў 1986-м улады перасталі патрабаваць ад людзей характарыстык з месца працы і ад партарганізацый для атрымання выязных візаў, што крыху павялічыла колькасць тых, хто выязджаў. А ў 1988-м з’явіўся закон «Пра кааперацыю ў СССР», які фактычна легалізаваў прыватнае прадпрымальніцтва. Гэта і дало старт першым паездкам з мэтай куплі і перапродажу тавараў. Так ва Усходняй Еўропе нечакана адкрылася акно магчымасцяў, якое з часам толькі пашыралася.
«Палякі ў нас скуплялі ўсё»
«Нашая першая чаўнаковая паездка была вясельным падарожжам. У жніўні 1988 года мы ўзялі шлюб і паехалі да сваякоў у Польшчу, у Калабжэг. Тады добра ішлі тэлевізары, таму мы іх туды і павезлі, а назад ужо цягнулі відэамагнітафоны. У выніку „падняліся“ дзесьці ў два разы», — успаміналі у інтэрв'ю муж і жонка, выкладчыца Аліна Жылінская і архітэктар Андрэй Жылінскі.
Потым менавіта Польшча стала галоўным кірункам для першых беларускіх чаўнакоў (разам з Масквой, адтуль можна было прывезці дэфіцытныя прадукты харчавання). Тлумачылася гэта наступным. Суседняя краіна яшчэ нядаўна была часткай сацыялістычнага лагера, таму трапіць туды было прасцей, чым у капіталістычныя краіны Захаду. Акрамя таго, летам 1989 года польскім прэм’ерам стаў прадстаўнік апазіцыйнай «Салідарнасці» Тадэвуш Мазавецкі, які пачаў радыкальныя эканамічныя рэформы і пераход да рынку. Аднак імгненнага эфекту яны даць не маглі. Першапачаткова ўзровень жыцця ў гэтай краіне знізіўся, там таксама існаваў дэфіцыт многіх тавараў.
«Палякі ў нас скуплялі ўсё. Польскія прылаўкі былі такія ж пустыя — усё змялі. Польшча ў той час выглядала бляднейшай у параўнанні з намі. Нашыя з Польшчы часцей за ўсё везлі валюту. Злоты не карыстаўся папулярнасцю, таму бралі даляры», — успамінаў брэсцкі журналіст Мікалай Аляксандраў. Паводле яго, «тады ўвесь Брэст матляўся ў Польшчу». Савецкія тавары аказаліся надзвычай запатрабаванымі ў суседзяў. Беларусы ў знакамітых клятчастых баулах вывозілі з краіны кухоннае начынне, прасы, сталовыя наборы, алкаголь, цыгарэты, запалкі. Везлі і буйнейшыя рэчы: каляровыя тэлевізары, халадзільнікі «Саратаў» і «Мінск».
Такія пакупкі былі выгадныя і палякам. Паводле Іны Куставай, гомельскія чаўнакі прадавалі тавар раз у пяць танней, чым аналагічны каштаваў у Польшчы: «Дапусцім, вілкі для патэльні, усяго 10 злотых. У іх тады столькі, да прыкладу, кубак кавы каштаваў. А калі з металу вырабы нейкія, то палякам было выгадна нават самім „бізнес“ рабіць: скупляць іх і потым здаваць як лом».
У траўні 1991 года нарэшце з’явіўся закон пра парадак выезду з Савецкага Саюза, што дазволіла пакідаць краіну яшчэ большай колькасці людзей. Сяргей Навумчык, на той час ужо дэпутат беларускага парламента, успамінаў, што ў тым годзе (як і папярэднім) яго жонка з сяброўкамі вазілі ў Польшчу кіпяцільнікі, малаткі, дрылі, сурвэткі.
Пры гэтым прылаўкі ў айчынных прамтаварных і харчовых крамах стаялі пустыя. Выратаваннем сталі акурат чаўнакі — яны везлі ў краіну валюту, адзенне і абутак (для сябе і для перапродажу), забяспечыўшы большую частку асартыменту найбуйнейшага сталічнага рынку каля стадыёна «Дынама» (ён адкрыўся 2 лістапада 1991-га).
Паўтара дня ў дарозе з жанчынамі на каленях
У канцы 1991 года СССР нарэшце спыніў сваё існаванне. Але памежная інфраструктура паміж былымі саюзнымі рэспублікамі не магла з’явіцца з нуля. Таму ў першы час трапіць у незалежныя Літву, Латвію і Украіну можна было па любой з прасёлкавых дарог, наведаўшы такім чынам той жа вільнюскі рынак Гарунай. Альбо — законна перайшоўшы мяжу — «Стадыён 10-годдзя» ў цэнтры Варшавы (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца новы Нацыянальны стадыён). На піку папулярнасці, у сярэдзіне дзевяностых, гадавы абарот рынку, які там знаходзіўся, ацэньваўся ў 1,2 мільярда даляраў (адпавядае 2,5 млрд сучасных даляраў з улікам інфляцыі).
У суседняй Расіі чаўночны бізнес аформіўся ў 1991−93 гадах, стаўшы для многіх людзей асноўным спосабам заробку. Прыкладна гэтую ж храналогію можна прымяніць і да Беларусі.
У той час тур у суседнія краіны звычайна займаў тры дні. «У першыя паездкі мы шмат чаго сабе не маглі дазволіць. Нават кубак гарбаты ў польскай кавяраньцы выпіць. Гэта ж цэлых 10 злотых, здабытых так цяжка! Эканомілі на ўсім. Бралі з сабой сухпай, часам — адну вараную бульбу. Ёю і сілкаваліся», — расказвалі чаўночніцы.
Праблемы былі і з дастаўкай тавараў на рынкі — любыя сродкі перамяшчэння былі пад завязку загружаныя бауламі з рэчамі. «Некалькі разоў даводзілася ўчатырох на двухмесных сядзеннях ехаць. Аўтобусам гэта паўтара дня ў дарозе. Мужчыны бралі жанчын на калені. У першую чаргу стараліся „расхапаць“ тых, што лягчэйшыя, мініяцюрнейшыя і маладзейшыя, вядома. Але ж не ўсе такімі былі. Магла трапіцца і грузная бабуля гадоў шасцідзесяці», — дадавалі сведкі падзей.
Геаграфія паездак не абмяжоўвалася суседнімі краінамі. У якасці яшчэ аднаго варыянту хутка з’явілася Турцыя. У адзін з тураў туды выправіўся журналіст Сяргей Аляхновіч. Прычым ён тады не меў пашпарта (у Беларусі, якая нядаўна стала незалежнай, чакаць яго трэба было прыкладна паўгода). Адна з мінскіх фірмаў прапанавала хутка атрымаць дакумент яшчэ савецкага ўзору ў грузінскім Батумі, а адтуль павезці людзей на закупкі ў размешчаную побач Турцыю.
«Прывёз даволі прыстойнай якасці жаночыя касцюмы, гафраваныя міні-спадніцы, майкі, якія разляцеліся ўмомант, і белыя шкарпэткі. З гэтымі шкарпэткамі ў мяне з’явіўся вялікі галаўны боль — усе яны, хоць і былі прыгожа спакаваныя, якасцю, мякка кажучы, не вылучаліся: аказаліся дзіравыя, ірваныя, розных памераў», — успамінаў Аляхновіч, які потым прадаў тавары на рынку «Дынама» — акурат тады людзі пачалі купляць вопратку і абутак менавіта ў такіх месцах.
Турцыю як чаўнок наведаў і брыгадзір слесараў завода «Камунальнік» Уладзімір Пякельнік, у 1990-м абраны дэпутатам Гомельскага абласнога савета дэпутатаў. Прычым паездку ў Стамбул яму часткова аплаціў завод. «Нават тыя, хто ехаў, бралі [грошы] дзе маглі — трыбушылі заначкі, пазычалі ў сваякоў. Я, да прыкладу, з такой нагоды нават крэдыт у банку ўзяў. Ніхто не сумняваўся, што паездка акупіцца», — расказваў ён. У паездку выправіліся на аўтобусе. З сабой везлі гарэлку, якую ў якасці хабару давялося даваць мытнікам з Румыніі і Балгарыі. «У Польшчу, відаць, толькі я не з’ездзіў, — жартаваў Пякельнік. — Знаёмыя мае ўсе матляліся. На продаж вазілі ўсё — нават бялізнавыя вяроўкі з прышчэпкамі».
Паводле Пякельніка, хто меў больш грошай, ездзіў у Кітай: «Там, напрыклад, добра прадаваліся наручныя механічныя гадзіннікі маркі „Камандзірскія“. З Кітая везлі джынсы, скураныя курткі, іншую вопратку. Адна знаёмая, прадаўшы партыю гадзіннікаў, прывезла столькі трантаў — давялося грузавік наймаць, каб забраць баулы з аэрапорта».
«Кітайцы ў нашых скуплялі ўсё, нават шкарпэткі рваныя. Нашыя везлі адтуль першыя пухавікі, якія пасля аднаго мыцця прыходзілі ў непрыдатнасць, кеды Adidos і Abibas», — успамінаў пра свой досвед, звязаны з гэтай краінай, беларускі кінарэжысёр Андрэй Голубеў.
Паводле аповедаў чаўнакоў, удала праведзеная ў Кітаі закупка прыносіла да трох даляраў на адзін укладзены. Аптымальнай сумай для паездкі ў гэтую краіну лічыліся паўтары тысячы даляраў (гэтая лічба ў 1992-м адпавядала цяперашнім 3,4 тыс. — але з улікам моцнай інфляцыі абедзве сумы былі велізарнымі). Калі закупіцца на вялікія грошы, то ў адзіночку тавар немагчыма было знесці. Звычайна ж чаўнок цягнуў з сабой цюкі агульнай вагой ад 160 да 240 кілаграмаў.
Жыццё без падаткаў — але велізарная рызыка
Само сабой, чаўнакі атрымлівалі нядрэнны прыбытак. «Звычайна за паездку нам удавалася зарабіць нашмат больш, чым мы атрымлівалі на асноўных працах: за адно такое падарожжа выходзіла каля 200 ці нават 300 даляраў. А за 100 даляраў у пачатку 90-х можна было цудоўна жыць з сям’ёй цэлы месяц», — расказвалі ў інтэрв'ю муж і жонка Жылінскія (100 даляраў у 1992-м — гэта 231 даляр у пераліку на сучасныя грошы; сярэдні заробак у краіне тады складаў 20−30 даляраў). Яны пачалі вазіць у Польшчу сухі спірт — маленькія таблеткі, якімі можна распальваць агонь. «Тавар быў настолькі танным у Беларусі, што мы „падымаліся“ на ім у тысячу разоў», — дадавалі яны.
У другой палове 1990-х галоўным таварам, які вывозілі ў Польшчу, былі ўжо цыгарэты і гарэлка. Бутэлька апошняй каштавала ў Брэсце прыкладна 1,5−2 даляры, у Польшчы ж, паводле ўспамінаў мясцовых, яе можна было прадаць за 20 даляраў. А за кардон відавочна везлі не адну.
На высокі ўзровень даходаў чаўнакоў уплываў яшчэ адзін фактар. Некаторыя сумяшчалі паездкі з асноўнай працай, дзе ляжала іх працоўная кніжка. Але былі і тыя, хто аддаў паездкам увесь свой час. Дык вось, і перагоншчыкі машынаў, і чаўнакі, і прадаўцы на стыхійных рынках — то-бок увесь дробны бізнес — у той час афіцыйна лічыліся беспрацоўнымі, падаткаў яны звычайна не плацілі.
Аднак такія высокія даходы былі спалучаныя з вялікай рызыкай. Частымі былі крадзяжы тавару — прычым як у паездках, так і з дамоў чаўнакоў. Напрыклад, у беларускіх газетах у рубрыцы «Крымінальная хроніка» рэгулярна з’яўляліся нататкі такога тыпу: «З кватэры беспрацоўнага N. злачынцы вынеслі 8 тысяч дойчмарак і 5 тысяч даляраў».
Аднойчы ў Польшчы злачынец скраў у гамяльчанкі-чаўночніцы Ніны Дабравольскай сумку — падбегшы са спіны, проста сарваў яе з пляча: «Думка, якая мільганула ў мяне першая, нават мяне саму жахнула: „Зараз я яму вырву вочы“. Бягу за ім следам па нейкіх трушчобах і крычу: „Пашпарт!“ Бо без яго я б проста не змагла вярнуцца дадому. Ён, відаць, зразумеў, у чым рэч, выхапіў грошы, кінуў сумку і пабег далей — я за ім больш не гналася».
Даходзіла і да трагедый. У снежні 1998 года пяцёра беларускіх бізнесоўцаў з Гродна (сярод іх адна жанчына), а таксама адзін расіянін выправіліся ў Маскву па новую партыю тавару на мікрааўтобусе Mercedes. З сабой у іх было 12−13 тысяч даляраў. Увечары яны спыніліся на неахоўнай стаянцы недалёка ад горада Ярцава Смаленскай вобласці, дзе збіраліся адпачыць і перакусіць. Аднак невядомыя расстралялі іх з пісталетаў і аўтаматаў, а потым дабілі параненых нажамі. Скраўшы валюту, бандыты замініравалі мікрааўтобус і ўцяклі. Калі спецыялісты пазней знялі з дзвярэй машыны расцяжку і вынеслі з салона трупы, у мікрааўтобусе прагрымеў выбух — спрацавала яшчэ адна закладзеная бандытамі бомба. На шчасце, абышлося без новых ахвяр.
Дзяржава і эканамічны рост — «забойцы» чаўнакоў
Колькі людзей у той час былі чаўнакамі? Мы не знайшлі статыстыкі па Беларусі. Але яна ёсць адносна суседняй Расіі. Паводле звестак Дзяржкамстата РФ, чаўночны бізнес залучыў у суседняй краіне агулам каля 10 мільёнаў чалавек. У тым годзе ў РФ жыло 148 млн. Гэта 6,75% насельніцтва. У Беларусі тады жыло 10,2 млн чалавек. Калі дапусціць, што колькасць чаўнакоў хаця б прыкладна супадала, то ў нашай краіне гэтым магло займацца больш за паўмільёна грамадзян.
У Расіі ў 1994-м чаўнакі імпартавалі тавараў на суму 8,2 млрд даляраў ЗША. У 1995 годзе гэтая сума перавысіла 10 млрд даляраў ЗША (20% усяго расійскага імпарту).
Аднак паступова чаўнакі пачалі адыходзіць ад справаў. Гэта тлумачылася комплексам прычын.
Акрыяўшы ад шокаў, эканоміка пачала станавіцца на рынкавыя рэйкі. Далёка не ўсім людзям падабалася быць чаўнакамі. Як толькі першасныя патрэбы былі забяспечаныя, а сітуацыя ў эканоміцы трохі нармалізавалася, яны вярнуліся да звыклай ці цікавейшай працы. Характэрны прыклад з жонкай Сяргея Навумчыка, пра якую мы расказвалі вышэй. У 1990−1991 гадах яна ездзіла ў Польшчу, а ў 1993-м ужо займалася рэкламай для «Кока-Колы». У беларусаў пачалі з’яўляцца магчымасці зарабіць.
Да таго ж за чаўнакоў паступова ўзялося дзяржава. У суседняй Расіі ў 1996-м увялі новыя нормы: без усялякіх мытных плацяжоў можна было перавозіць праз мяжу тавары агульнай вагой да 50 кілаграмаў і коштам да 1000 даляраў. Акрамя таго, патрабавалася даказаць, што яны не прызначаныя для камерцыйнай дзейнасці. Аналагічныя меры пазней прымалі і ў Беларусі.
Рынкі, на якіх звычайна гандлявалі чаўнакі, паступова пачалі прайграваць канкурэнцыю: у пачатку нулявых у сталіцы з’явіліся адносна сучасныя гандлёвыя цэнтры «Паркінг», «Еўропа», «Імпульс» і «Люстэрка». Магчымасць мераць адзенне пад дахам і ў цёплым памяшканні, а не на кардонцы, пачала прывабліваць больш забяспечаных беларусаў — пачаўся адток пакупнікоў з рынкаў. А ў гандлёвых цэнтрах ужо было нельга працаваць нелегальна, без выплаты падаткаў.
У дадатак у канцы 1990-х польская эканоміка вырасла, а цэны ў Беларусі і Расіі практычна зраўняліся, што зрабіла бізнес чаўнакоў бессэнсоўным. У гульні засталася меншасць — тыя чаўнакі, што змаглі стварыць свой бізнэс і сур’ёзна раскруціць яго. Зразумела, паездкі на рынкі суседніх краін засталіся — напрыклад, беларусы аж да вайны масава ездзілі закупляцца ва ўкраінскі Хмяльніцкі. Аднак маштаб быў ужо відавочна не той. Да канца 1990-х з чаўнакоў выпадковыя людзі сышлі — засталіся тыя, у каго былі вялікія планы на будучыню менавіта ў гэтай сферы.
Зрэшты, сваю ролю — даць адным зарабіць, а іншых накарміць і апрануць — чаўнакі цалкам выканалі. «Новая рэальнасць падзяліла насельніцтва на дзве вялікія групы: тых, хто застаўся працаваць на дзяржпрадпрыемствах і ў бюджэтных арганізацыях, і тых, хто з галавой занурыўся ў рынак, выкарыстоўваючы ўсе яго магчымасці», — апісваў рэаліі пачатку дзевяностых беларускі гісторык і выдавец Андрэй Гардзіенка. Так што для развіцця краіны і эканомікі, а таксама фармавання рынкавага мыслення чаўнакі былі станоўчай з’явай.
Чытайце таксама


