Бізнес гаворыць пра складаныя ўмовы працы, праз якія ўсё цяжэй «зводзіць канцы з канцамі», а эканамісты раз-пораз адзначаюць перакосы адміністрацыйных мер. Між тым Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ускладніла працэдуру атрымання дазволу на павышэнне цэн. Чаму ўлады не ідуць насустрач кампаніям і яшчэ больш закручваюць гайкі, а інфляцыя ўсё роўна расце, «Люстэрку» патлумачыла прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Аліса Рыжычэнка.
Бізнес задыхаецца, кантроль цэн узмацняецца, а інфляцыя ўсё роўна расце
Рашэнне, ці дазваляць вытворцу павысіць цану на сваю прадукцыю, цяпер будзе прымаць спецыяльная камісія ў МАРГ. Да гэтага ўсе дакументы мусяць прайсці яшчэ і праз выканкам ці профільнае ведамства. Паралельна прадстаўнік Нацбанка Аляксандр Ягораў «звярнуў асаблівую ўвагу» на неабходнасць зніжэння цэн «па шэрагу пазіцый» у Гродзенскай вобласці, дзе тэмпы інфляцыі вышэйшыя, чым у іншых рэгіёнах.
Гэта адбываецца на фоне прызнання бізнесу, што выжываць у цяперашніх умовах стала цяжэй. Сумнае становішча кампаній відаць і са статыстыкі. Аліса Рыжычэнка адзначае, што сітуацыя ў оптавым і рознічным гандлі пагоршылася нават у параўнанні з мінулым годам, калі рэгуляванне цэн таксама дзейнічала. Напрыклад, колькасць стратных прадпрыемстваў павялічылася — цяпер у мінус працуе больш чым кожная пятая гандлёвая кампанія. Вырасла і агульная сума страт: калі ў студзені — верасні мінулага года гэта было 1,3 млн рублёў, то ў гэтым — 2,35 млн. Сума страт на адну гандлёвую фірму ў сярэднім вырасла ў 2,4 разу.
— Рэнтабельнасць прадпрыемстваў у оптавым і рознічным гандлі не перавышае 1,5%. Як відаць, пагаршэнне фінансавых паказчыкаў прадпрыемстваў істотнае. А яны плацяць падаткі, за кошт якіх напаўняецца дзяржаўны бюджэт. І, натуральна, калі няма ніякага прыбытку ў прадпрыемства, яно і не плаціць падаткі.
Паралельна з гэтым насельніцтва — пры ўсіх намаганнях чыноўнікаў па стрымліванні інфляцыі — назвала рост цэн адной з асноўных праблем. Гэта цалкам вытлумачальна. Бо насуперак намаганням урада па стрымліванні цэн, яны растуць хутчэй, чым планавалі ўлады. У кастрычніку павелічэнне было на 6,9% летась пры планах па выніках 2025-га — на 5%. Інфляцыя, якую адчуваюць людзі, у верасні складала 11,2%. То-бок у краме людзі бачылі іншую карціну, чым тое, што паказвае статыстыка.
Урад на ростанях
Аліса Рыжычэнка лічыць, што ўлады бачаць, у якім становішчы аказаўся бізнес, і разумеюць сітуацыю. Аднак адзіным, хто паказваў на праблему і перакосы публічна, быў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. «Але, як мы бачым, ён не змог нічога зрабіць, паўплываць на цэнавую палітыку ці пераканаць Лукашэнку і астатніх чыноўнікаў, што трэба вырашаць пытанні макраэканамічнай стабільнасці», — адзначае эканамістка.
— З аднаго боку, яны ўсведамляюць, што неабходна адпускаць цэны, каб прадпрыемствы маглі зарабляць грошы і хаця б не банкрутаваць. А цяпер шматлікія прадпрыемствы гандлю знаходзяцца на мяжы банкруцтва і выжываюць толькі дзякуючы таму, што набіраюць крэдыты для выплаты заробкаў, закупак. Але рост цэн, як мы ўжо абмяркоўвалі, перавышае запланаваны.
Напрыклад, рост цэн на прадукты харчавання ў кастрычніку наблізіўся да 10%. А па некаторых пазіцыях рост быў на дзясяткі працэнтаў.
— То-бок улады знаходзяцца на вельмі небяспечным скрыжаванні. Ты можаш павярнуцца ў адзін бок і зрабіць крокі насустрач таму, каб бізнес адчуваў сябе больш-менш бяспечна і пачаў кампенсаваць свае ўсё большыя выдаткі. Тым самым знізіш рызыку банкруцтва прадпрыемстваў. Але пры гэтым ты рызыкуеш тым, што ў цябе вырасце сацыяльная напружанасць, бо цэны пачнуць расці нашмат хутчэй, калі іх адпусціць, — разважае эканамістка. — Як мы бачым, улады выбралі іншы шлях: далей стрымліваць цэны. То-бок пляваць на бізнэс, які папаўняе бюджэт, стварае працоўныя месцы і плаціць людзям заробкі. Яны зрабілі стаўку на вельмі кароткатэрміновую перспектыву: скараціць тэмпы росту інфляцыі тут і цяпер, не задумваючыся, да якіх наступстваў у доўгатэрміновай ці нават у сярэднетэрміновай перспектыве гэта прывядзе.
«Будзе доказам таго, што абраны палітычны шлях няправільны»
Эканамістка адзначае, што розныя ведамствы вядуць супярэчлівую палітыку. МАРГ жорстка сочыць за цэнамі. А Нацбанк пад кіраўніцтвам Рамана Галоўчанкі інтэнсіўна напаўняе эканоміку неабгрунтаванымі грашыма, стымулюючы ўнутраны попыт, які ў сваю чаргу таксама правакуе рост цэн. Акрамя гэтага на інфляцыю ўплывае павелічэнне заробкаў і даступныя крэдыты, напрыклад, на айчынныя тавары.
Але ўсё ж адпачатку няслушным было рашэнне наогул брацца за адміністрацыйнае кіраванне цэн, бо ёсць рынак, які сам сябе рэгулюе. Калі б заробкі павышаліся толькі па меры росту прадукцыйнасці, а не штучна, то людзі менш выдаткоўвалі б, попыт бы не пераграваўся, і інфляцыя была б ніжэйшай, лічыць прадстаўніца па эканоміцы і фінансах АПК. То-бок рынак сам бы ўсё адрэгуляваў. Але ўлады трымаюць высокі рост заробкаў дзеля сваіх папулісцкіх мэтаў і стрымлівання незадаволенасці людзей.
За тры гады дзеяння цэнавых абмежаванняў эканоміка не дасягнула таго стану, пры якім абставіны дазволілі б ураду адмовіцца ад ручнога кіравання.
— Яны спрабуюць — мы бачылі, што ўводзіўся спіс тавараў, на якія абмежаванне цэн пераставала дзейнічаць. Але ж цэн растуць нават з улікам рэгулявання. Да гэтага прыводзіць акурат няправільная манетарная палітыка — напампоўванне эканомікі таннымі рэсурсамі, — лічыць эканамістка.
Значыць, калі ўлады не хочуць адыходзіць ад ручнога кіравання цэнамі, варта мяняць грашова-крэдытную палітыку, працягвае яна. Напрыклад, павышаць стаўку рэфінансавання, скарачаць даступнасць спажывецкіх крэдытаў, каб не стымуляваць унутранае спажыванне.
— Але тады адбудзецца сур’ёзнае скарачэнне эканомікі, чаго ўлады не могуць паказаць у афіцыйных звестках. Інакш гэта будзе доказам таго, што абраны імі палітычны шлях — высокай залежнасці ад Расіі, супрацьстаяння Захаду, арганізацыі розных правакацый — няправільны. Яны не могуць гэта прызнаць, таму будуць і далей рабіць захады, каб тушыць пажар тут і цяпер, — заключае эканамістка.
Чытайце таксама






