Аляксандра Субоціна адправілі ў адстаўку з пасады старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент 16 студзеня быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Ва ўказе паведамляецца, што Аляксандр Субоцін пакінуў пасаду кіраўніка рэгіёна ў «сувязі з выхадам у адстаўку».
Пра змену кіраўніцтва Віцебскай вобласці стала вядома напярэдадні. Крэсла Субоціна заняў Аляксандр Рагожнік. Падчас разгляду кадравых пытанняў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «многія» называюць экс-кіраўніка Віцебшчыны «добрым чалавекам» і ён сам «абсалютна не супраць такога пункту гледжання».
— Але, можа, час мінуў (усё ж пяцігодка, па-мойму, пяты год), напружанне было вельмі сур’ёзнае вакол, і, як Дзмітрый Мікалаевіч (Крутой, кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі. — Заўв. рэд.) кажа, выгараў. Я, вядома, з такімі фармулёўкамі не згодны. Ну, можа, выгараў. Можа, адчуў, што, відаць, не ягонае. Усё ж быць кіраўніком — гэта вельмі-вельмі няпроста. Усе вы кіраўнікі, і гэта ведаеце і разумееце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Раней палітык не раз крытычна выказваўся на адрас кіраўніцтва Віцебшчыны. 21 красавіка 2025 года ён запатрабаваў паставіць на месца чыноўнікаў у Віцебскай вобласці і паабяцаў, што Аляксандр Субоцін будзе «не на нагах хадзіць», а «на руках ці галаве».
На нарадзе 24 кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на «абуральныя факты безгаспадарчасці, разгільдзяйства» ў Віцебскай вобласці. Палітык сярод іншага звярнуў увагу на вялікі доўг рэгіёна і падзёж жывёлы.




